
Весела і з запалам прайшлі калядныя гулянні на цэнтральнай плошчы г. Салігорска
З Калядамі звязана вялізная колькасць абрадаў, вераванняў і традыцый. У гэтыя дні нашы продкі варажылі, хадзілі сябар да сябра ў гасцюй, спявалі, танчылі. Успомнілі аб традыцыях і ў Салігорску. На Цэнтральнай плошчы г. Салігорска прайшлі калядныя гулянні 13 студзеня бягучага года, прысвечаныя Старому Новаму году і Калядкам. Прайшлі яны весела і з запалам.
На плошчу салігарчане прыйшлі сем’ямі. Бабулі і дзядулі, таты і мамы з дзецьмі разам назіралі за дзействам, якое разгортвалася на сцэне. Традыцыйныя персанажы Бабы і Дзеда, Козы, Мядзведзя, Цыганкі абыгрывалі народныя бытавыя сцэнкі. Весялосць, гарэзныя ўсмешкі і добры настрой суправаджала ўдзельнікаў на працягу ўсяго свята. Працягам тэатралізаванай праграмы стала выступленне поп-фольк гурта «Вясёлы балаган» Старобінскага ДГДК.
Артысты на сцэне змянялі адзін аднаго, не даючы прыйшоўшым на ўрачыстасць гараджанам засумаваць. Цікава было паглядзець, як раней калядавалі, якія песні спявалі і што жадалі адно аднаму. Яны віншавалі ўсіх і жадалі толькі самага добрага сёлета. Адна з галоўных задач старажытнага свята — правесці дзень зімовага сонцастаяння так, каб наступны год быў шчодрым, удалым і паспяховым ва ўсіх сферах жыцця.
Свята працягнула канцэртна-забаўляльная праграма Палаца культуры г. Салігорска з удзелам Народнага хору народнай песні «Родны напеў» Палаца культуры г. Салігорска. Задорныя навагоднія песні, ды і сама святочная атмасфера стваралі добры настрой, і многія гараджане падпявалі артыстам і прытанцоўвалі пад любімыя мелодыі.
Святочныя гулянні прыйшліся па душы гасцям свята. І дзеці, і дарослыя актыўна падтрымлівалі калядоўшчыкаў, разам танчылі і спявалі абрадавыя песні. Падобныя мерапрыемствы адраджаюць і папулярызуюць нацыянальныя этнаграфічныя карані нашых продкаў, вяртаюць да вытокаў старажытных свят і абрадаў.